Нарадзілася Валерыя Гаўрылаўнаў Докшыцах, але пазней бацькі пераехалі на Ушаччыну. Пасля вучобы ў Наваполацкім тэхнічным вучылішчы на працягу 13 гадоў працавала аператарам на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. А тэхнікум заканчвала ўжо ў Свярдлоўску, бо пераехала на працу ў расійскі Наябрск. Прайшла шлях ад майстра да начальніка па будаўніцтве, а выйшаўшы на пенсію, у 1999-м годзе вярнулася на Ушаччыну, жыве ў вёсцы Лутава Сяльцо. Менавіта апошнія 20 гадоў у яе біяграфіі сталі самымі творчымі.
Лірычныя вершы, байкі, гумарэскі паэтэсы на рускай і беларускай мовах ведаюць і чытаюць не толькі яе землякі. Творы Валерыі Міхно друкаваліся як у беларускіх, так і расійскіх часопісах. Усяго ёю напісана больш пяцісот вершаў, не лічачы тое, што яшчэ маецца ў рукапісах.
На яе творчым рахунку тры выдадзеныя кнігі пад назвамі “Я з Ушацкай зямлі”, “У осени в плену“, “Островок души”. На напісанне музыкі вершы Валерыі Міхно натхнілі і некаторых мясцовых кампазітараў, сярод іх, напрыклад, Сяргей Мядзведзеў.
Кампазітар, аўтар песень Ізмаіл Капланаў добра вядомы далёка за межамі Беларусі. Яго творы выконваюць знакамітыя беларускія і расійскія артысты. Але мала хто ведае, што ён актыўна супрацоўнічаў з Ушацкай паэтэсай Валерыяй Міхно, пісаў музыку на яе вершы. Напрыклад, на адным з апошніх канцэртаў І.Капланаў і яго жонка, заслужаная артыстка БССР Нэлі Багуслаўская, выканалі раманс “Я по тебе схожу с ума”, які многія прыхільнікі іх творчасці назвалі сапраўдным брыльянтам. Зрэшты, кожны твор Валерыі Гаўрылаўны Міхно кранае душу.