Нарадзілася Тамара Дмітрыеўна ў 1959 годзе ў вёсцы Матырына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, Беларусь. У 1978 годзе скончыла фельчарскае аддзяленне Полацкага медыцынскага вучылішча. Працавала старэйшай медыцынскай сястрой у дзіцячым садку-яслях №1 г. п. Ушачы. Тамара Барадзёнак выдала больш за 13 паэтычных зборнікаў.
У 2005 годзе была прынята ў Саюз пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь “Кропкай творчага адліку” паэтэса лічыць сваю дэбютную публікацыю на старонках ушацкай газеты “Патрыёт”. Творчасць паэтэсы шматгранная і разнапланавая, расказаць аб ёй шаблонна і лаканічна проста немагчыма. Выступае ў розных жанрах: паэзія, сатыра і гумар, проза, піша казкі для дзяцей. Песні на яе словы выконваюцца на ўрачыстых вечарах у райцэнтры і вёсках раёна. Шмат сваіх вершаў Т.Д. Барадзёнак прысвяціла роднай Ушаччыне:
Я атулена пяшчотай тваёй матчынай,
Услаўляць цябе гатова зноў і зноў,
Прыгажуня сінявокая Ушаччына –
Гераічны край зацішкаў і грамоў.
Нашых песень звонкіх пералівы,
Што нашу ў душы з маленства я,
Славяць памяць вечную “Прарыву”
І цябе, Ушаччына мая.
Мне чужы заморскі край не трэба,
Не хачу дзівосаў я чужых –
Так пад родным пад ушацкім небам
Люба мне ў мясцінах дарагіх.
Лірыка ўшацкай паэтэсы Тамары Барадзёнак настолькі меладычная, што, здаецца, сама просіцца ў ноты... Бачна, што яе любоў да роднага куточка сапраўдная, ненапускная. І сама асоба Тамары Барадзёнак такая ж праўдзівая, як яе творы”
Творы паэтэсы друкаваліся ў розных выданнях Віцебшчыны і рэспублікі: у альманаху “Дзвіна”, у газеце “Літаратура і мастацтва”, у календары “Родны край” і інш. Т. Барадзёнак – аўтар некалькіх кніг. У 1996 г. выдала зборнік вершаў і навел “А я люблю...”, у 1997 г. – кнігу “Мелодыі душы маёй”, у 1998 г. – байкі і гумарэскі “І жартам, і ўсур’ёз”. Душэўная цеплыня і любоў аўтара да роднага краю – у гэтых творах. Т. Барадзёнак – пяшчотны лірык. Нямала яе твораў прысвечана сардэчным адносінамі да людзей і паміж імі. Новы зборнік вершаў “Мой верасень” – працяг тых жа тэм адданасці любай зямлі і павагі да людзей.
НАША СПАДЧЫНА. Біябібліяграфічны паказальнік па творчасці Тамары Барадзёнак