У адным з ціхіх куточкаў Ушаччыны ў 13 кіламетрах ад райцэнтра і 1,5 кіламетрах ад Селішчаў размясцілася вёска Загуззе. Асабістай старонкай гісторыі гэтай вёскі будзе расказ пра Хвашчэўскага Уладзіміра Мікалаевіча.
Яго род бярэ пачатак з хутара Лукашонкі, дзе ён нарадзіўся 9 снежня 1955 года. Потым сям’я перабралася ў Загуззе. Вучыўся ў Селішчанскай васімігадовай школе, 10 класаў скончыў у Плінскай сярэдняй школе. Маці, Марыя Андрэеўна, простая вясковая жанчына, дала жыццё і выхавала адна чатырох дзяцей. Дапамагалі паднімаць іх на ногі дзед Андрэй і бабуля Таццяна. Усе дзеці атрымалі адукацыю і кожны з іх сваё жыццё прысвяціў любімай справе.
Любоў да роднай зямлі, да сваёй Радзімы у гэтых людзей перадаецца з пакалення ў пакаленне. Усе любяць сваю вёску, дзе нарадзіліся, дзе зрабілі першыя крокі, вымавілі першыя словы. Марыя Андрэеўна была таленавітай жанчынай. Яе жаночая прыгажосць, чалавечая годнасць, мастацкі талент перадаўся і дзецям. Яна добра малявала і спявала. З дзяцінства Уладзімір чуў у хаце мелодыі народных песень. Да іх прывучалі і дзяцей. Маці ведала шмат песень, казак і з маленства ўклала ў сэрца хлапчука самабытнасць роднага слова.
У верасні 1973 года паступіў у вучылішча металістаў г. Віцебск і атрымаў спецыяльнасць слесар-электрамантажнік. З мая 1974 года па май 1976 года праходзіў службу ў радах Узброеных Сіл СССР. У 1976 годзе быў прыняты на работу электраманцёрам завода “Палімір”. У гэтым жа годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне Наваполацкага палітыхнічнага інстытута імя ЛКСМБ, які закончыў з прысваеннем кваліфікацыі інжынера-механіка. У канцы 1979 года перайшоў працаваць на завод “Вымяральнік”. З 1997 года працуе на ААТ “Нафтан”. Здаецца, дзе тут да паэзіі. А вось жа знаходзіцца месца ў душы ўзнёсласці. І столькі лірыкі, што дзіву даешся.
Уладзімір Хвашчэўскі ўсё сваё жыццё цесна звязаны са сваёй малой радзімай, вёскай Загуззе. Гэта тая зямля, на якой ён нарадзіўся, дзе жылі яго дзяды і маці. Гэта родная вёсачка, дзе стаіць яго хата. Яна гушкала яго ў калысцы. Дзе пахне сенам і рознымі зёлкамі. Яна давала волю яго адчуванням, нараджала вобразы, напаўняла душу паэзіяй. Яна і цяпер не адпускае. Хоць Уладзімір Мікалаевіч даўно гараджанін, жыве з сям’ёй у Наваполацку. Але маленькая Радзіма для яго – гэта і песні, і зялёная трава, па якой можна хадзіць і спяваць, на якой можна ляжаць і глядзець у неба, дзе плывуць белыя воблакі. Гэта беластволая бяроза каля роднай хаты, у гушчыні галінак якой пасвіствае салавей. Гэта маленькая сажалка пад вакном, дзе плешчуцца маленькія рыбкі на заходзе сонца. Гэта яго аднавяскоўцы, якія шчыруюць на сваіх сядзібах. Гэта чыстае паветра ад сасновага бору. Гэта залатое збожжа з сінімі вочкамі васількоў на палетках і гул пчол каля стаўні. Усё гэта яго маленькая радзіма. Таму, напэўна, уся яго паэзія родам з дзяцінства.
Беларусы здаўна жывуць мудрымі запаветамі прашчураў” “Сонца – на ўсіх адно, Зямля – адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое”. Па натуры Уладзімір Мікалаевіч беражлівы, вельмі цэніць здабытае самім сабой і іншымі. Любіць пастаянства.
Першыя вершы пачаў пісаць да службы ў арміі на рускай мове, пісаў іх і ў час службы. Родная прырода, прыгажосць мясцін, дзе нарадзіўся – першае, што знайшло адлюстраванне ў вершах Уладзіміра Хвашчэўскага.
Я всегда просыпаюсь с рассветом.
Солнца восход озаряет простор.
В этом алом заманчивом свете
Встрепенется, пробудится бор.
Як шчымліва і блізка становяцца ўспаміны аб маленькай радзіме, калі ты далёка ад яе, калі яна толькі ў вобразах “васількоў” і “спелага хлеба”.
Служба ў арміі прахадзіла на Поўначы. У час перапынку і вольную хвіліну пісаў пісьмы родным і таксама вершы.
Северное сияние
Взглянёшь на небо ненароком
И взгляд не можешь оторвать:
Блестит, течет по нем потоком
Сиянья северного прядь.
Промчится в небе вихрем бурным,
Оставив ярких красок след,
И этим отблеском лазурным
Зажжет серебряный рассвет.
У 1976 годзе Уладзімір Хвашчэўскі пераязджае ў г.Наваполацк на пастаяннае месца жыхарства. Адсюль, з ушацкага прыстанку, была ўзята пуцёўка на вучобу ў г. Наваполацк, на працу, на жыццё. Але і там ён думкамі звязаны з роднай зямлёй, сумуе па ёй і прысвячае ёй вершы.
У Наваполацку Уладзімір Мікалаевіч становіцца членам літаратурнага аб’яднання “Маладзік”. І трэба было здарыцца, што менавіта ў гэты год госцем Наваполацка быў Рыгор Барадулін, які наведаў аб’яднанне “Палімір”. Прадстаўнікі “Маладзіка” Уладзімір Хвашчэўскі (слесар цэха № 14) і намеснік сакратара камітэта ЛКСМБ Валянціна Аколава (таксама паэт) давалі справаздачу перад старэйшымі таварышамі. А імі былі балгарскі пісьменнік Стэфае Паптонеў, Рыгор Барадулін, які зрабіў перавод з балгарскай на беларускую мову яго кнігі “Беларусь – белая балада”.
Навапалачане прапанавалі гасцям свае вершы. Адзін з іх – верш аб роднай Ушаччыне, якая заўсёды ў яго думках.
Пасля праведзенай разам з Уладзімірам гэтай вечарыны Валянціна Аколава, будучая паэтэса, перакладчыца (на вялікі жаль, 24 снежня 2013 года на 60-м годзе жыцця заўчасна пакінула свет) напісала Уладзіміру такія словы:
Ну што давай, пішы, хвалюйся,
Не забывайся пра сяброў.
Радзіўся ж ты на Беларусі
І твая Віцебская кроў.
Таму ніколі, чуеш! ведай
Ад мовы роднай не бяжы
А будзь працягам яе, сведкай
І навучыся шчыра жыць!
Потым адбылася размова з Р.Барадуліным. Ліст з вешамі Уладзіміра Хвашчэўскага на рускай і беларускай мове паляцеў на Мінск. Нечакана хутка Рыгор Барадулін даў адказ. А пісаў ён наступнае:
“Дарагі Уладзімір! Прачытаў твае вершы і дужа ўзрадаваўся, што на Ушаччыне нашай ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Падабаецца твая вобразна-метафарычная манера пісьма. Добра ведаеш ты свой край і галоўнае – адчуваеш яго.
Па радках разбору рабіць не буду.
Дасылай яшчэ ўсё, што ў цябе ёсць на роднай мове. На рускай мове вершы ў цябе атрымаліся безликими, па-руску кажучы, агульнымі, - такімі завалены ўсе газеты і часопісы саюза. Не крыўдуй за адкрытасць.
Перадай усім хлопцам, якія пішуць вершы па-беларуску, хай дашлюць мне і не цянуць ката за кутасікі.
Дамовіўся ў “Полымі” падрыхтаваць вялікую падборку членаў аб’яднання “Маладзік”. Хай “Маладзік” ваш бярэцца на маладую поўнату, не заходзіць, не сходзіць на веташок.
Яшчэ раз паклон усім вашым хлопцам і Валі.
Абавязкова дасылай свае вершы.
Чакаю вершы “маладзікоўцаў”!
Абдымаю.
З зямляцкай любоўю – Рыгор Барадулін
3 кастрычніка, 79
Мінск”
Гэта натхніла паэта пісаць вершы на роднай мове, выказваць шчырае сыноўе прызнанне роднай зямлі, бацькоўскай хаце. Арыенцірам для паэта стаў вобраз малой радзімы. Верш “Запаліць бы лучыну” адзін з іх. Нарадзіўся гэты верш у роднай хаце, дзе сын вёскі перапоўнены ўспамінамі пра маці, дзеда і бабулю, паступальнасць і пераемнасць у жыцці.
Гэты верш напісаны ў час роздуму аб былым, калі апусцела родная хата. Пайшлі з жыцця родныя, з якімі рос, вучыўся жыццёваму вопыту, спасцігаў навуку жыцця, вучыўся “сеяць” і імкнуўся “не страціць роднае мовы”. І самае галоўнае, каб усё гэта перадаць сваім дзецям і ўнукам, захаваць родны куток, дзе можна “душою сагрэцца” і ўспомніць “дзедавы словы”, яго навуку, перадаць яе малодшаму пакаленню і пражыць жыццё так, каб “да спелай дайсці баразны”. Ці не гэтым вымяраецца чалавечая існасць у жыццёвым тлуме?
Што жывіць музу Уладзіміра Хвашчэўскага на працягу год? Радзіма. Матчына хата. Ушаччына. Бо гэтыя словы ад прокаў, ад вёскі, ад бабулінага бохана хлеба. Усё гэта ён узяў з матчынай хаты ў жыццёвую дарогу. Таму і піша ад душы, ад сваіх шчырых пачуццяў, і піша прыгожа.
Зямля мая, любімая Ушаччына,
Блукае восень у тваіх краях.
Ізноў бяру з сабою песню матчыну.
Лягчэй прайду з ёй свой далейшы шлях.
Поры года таксама заўважаў Уладзімір Хвашчэўскі, якія наводзілі яго на лірычны лад. І з’явіліся радкі, прысвечаные зіме, вясне, лету, восені.
Хвалююць вершы роздуму пра сябе, пра жыццё, пра каханне, пра самае дарагое ў ім.
Уладзімір маленькім хлапчуком услухоўваўся ў мелодыю народных песень, якія спявала маці. З цікавасцю глядзеў на вяскоўца, які граў на гармоніку. І самаму вельмі хацелася што-небудзь паспрабаваць сыграць. Аб яго захапленні даведаўся блізкі сваяк. І калі Уладзімір пайшоў у школу, купіў яму гармонь. Мара хлопчыка збылася. Нота за нотай спляліся ў мелодыі. Ён, самавучка, іграў у вёсцы на Новы год, на вясковых вечарынках, бо другога гарманіста ў вёсцы на той час не было.
У час службы ў арміі зацікавіўся ігрой на гітары. І да канца службы асвоіў гэты інструмент. Вярнуўшыся дадому, купіў сабе гітару. Чужыя песні спяваць не хацеў. У душы нараджаліся свае песні. І зараз аўтарская песня займае ўсё большае месца ў творочасці паэта. Не маючы музычнай адукацыі, Уладзімір Мікалаевіч добра іграе на гармоніку, баяне. Музыка на вершы ідзе неяк сама, з глыбіні душы, ад сэрца, бо яна пра тое, што перажыта, аб чым хвалюе.
У канцы дзевяностых гадоў у раённых культустановах сталі ўтварацца літаратурна-музычныя аматарскія калектывы. У 1998 годзе ва Ушачах быў створаны народны клуб творчых сустрэч “Муза” (кіраўнік Варатынская Г.А.), мэтай якога было аб’яднаць людзей, здатных да літаратурна-музычнай творчасці, несці свае захапленні людзям, знаёміцца з набыткамі нацыянальнай культуры, прапагандаваць свае захапленні. У 2002 годзе на такое паседжанне быў ўпершыню запрошаны і Уладзімір Хвашчэўскі, які прачытаў свае вершы. Праз пяць год запрасілі яго зноў, бо з’явіліся не толькі новыя вершы, але і песні. Песні напісаны на свае пранізліва шчырыя вершы. Песні, прысвечаныя малой радзіме “Запаліць бы лучыну”, “Сустрэча з восенню”, “Ружовы конь” пранікнёныя, з глыбіні душы. Песні пра роздум, пра жыццё “Каханне”, “Пакліч мяне”, “Для адной цябе” няма лепш выражаюць пачуцці да сваёй любай жанчыны. Аўтар прызнаецца, што вершы прыходзяць па-рознаму. Калі з’явіліся ўнукі, трэба было спяваць ім калыханкі. А чужых песень не хацелася і паплылі радкі: “Качает меня, качает волна…” На паседжанні клуба праслухалі яе двойчы, так усім спадабалася. Песня “Мая Беларусь” ураджвае тым, наколькі моцна сказана паэтам, самадзейным кампазітарам і выканаўцам пра самае светлае для кожнага з нас. Простымі, але прачуленымі словамі і вобразамі ён раскрывае думкі і душы кожнага. “Дапоўніць прыпевам, і гэта будзе незвычайная песня, дастойная рэспубліканскай сцэны”, - выказаў сваё меркаванне Уладзімір Нікіценка, які сам даўно займаецца такой творчасцю. Такія ж думкі і ў другіх удзельнікаў клуба “Муза”.
Паводле матэрыялаў Сарокінай Галіны Мікалаеўны, метадыста вучэбна-метадычнага кабінета і вучняў “Плінскай сярдняй школы Ушацкага раёна”, 2015 г.