Нарадзілася Галіна Аляксандраўна 21 студзеня 1953 года ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і работніцы сферы гандлю і вадзіцеля райсельгастэхнікі – Валянціны Сцяпанаўны і Аляксандра Дзмітрыевіча Пышковых. У 1970 годзе скончыла Ушацкую сярэднюю школу. Старшакласніцай стала пісаць вершы, публікаваць іх у раённай газеце. У 1980 годзе скончыла завочна Беларускі дзяржаўны універсітэт. Працоўную дзейнасць пачала ў бухгалтэрыі Ушацкага райспажыўтаварыства (1970-1972). 3 1972 да 1974 года была бібліятэкарам Арэхаўскай сельскай бібліятэкі. 3 1974 па 2013 год працавала ва ўшацкай раённай газеце «Патрыёт» на пасадзе карэспандэнта асвятляла сельскагаспадарчыя пытанні, як загадчыца аддзела – наладжвала работу з пісьмамі, аўтарскім актывам, выканаўчымі і распарадчымі органамі.
На працягу дзесяцігоддзяў – кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры газеце, арганізатар выпускаў старонкі “Неруш”.
У 1998 годзе адначасова з асноўнай работай стварыла і ўзначаліла аматарскае аб’яднанне пры Доме культуры (пазней – раённы цэнтр культуры і народнай творчасці): клуб творчых сустрэч “Муза”.
Піша вершы, з года ў год удасканальвае сваё майстэрства. У 1995 годзе ў «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшаў зборнік яе вершаў «3 будзённасці ўзляцець...». У 1996 годзе адбылася прэзентацыя кнігі ва Ушацкай ЦРБ імя Е.Я. Лось. У 2017 годзе выйшаў зборнік “Не спужайце снегіра”, у 2019 – “Тапчу зямное каблучком”.
Пісаць вершы пачала, калі вучылася ў школе. Падборкі паэзіі змяшчалі раённая газета “Патрыёт” і віцебскія абласныя “Народнае слова”, “Витебский рабочий”. Пазней – творы друкавалі рэспубліканскія літаратурныя выданні: часопісы “Маладосць”, “Полымя”,газета “ЛіМ”.
З'яўляецца старшынёй раённай Рады рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”, узначальвае літаратурнае аб'яднанне пры ўшацкай раённай газеце. Узнагароджвалася Граматамі міністэрства па друку, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.