Нарадзіўся Міхаіл Канстанцінавіч 18 лютага 1948 года ў вёсцы Старына на Ушаччыне.
Скончыў Вялікадолецкую сярэднюю школу ў 1965 годзе, Львоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Франко ў 1973 годзе, атрымаўшы дыплом радыёфізіка.
Вучыўся ў Львове, вайсковую службу праходзіў у Маскве, зараз жыве ў Віцебску.
Працаваў лабарантам, выкладчыкам, інжынерам-канструктарам, інспектарам дзяржнагляду за стандартамі і якасцю, начальнікам аддзела кадраў. Зараз на пенсіі.
Жанаты. Мае дваіх дзяцей, трох унучак і ўнука.
Першая літаратурная публікацыя – ў газеце “Літаратура і мастацтва” у 1972 г.
Выступае ў жанры сатыры і гумару. Найбольш вядомыя яго вершаваныя гумарыстычныя карацелькі-фрашкі. Піша літаратурныя пародыі. Напісаў тры кніжкі для дзяцей. Перакладае з украінскай: П. Глазавога, А. Вішню, С. Руданскага, А. Каламійца, В. Івашчанку, з польскай: С. Лема, А. Пацямкоўскага, В. Брудзінскага, украінскі і польскі народны гумар.
Пераклаў на беларускую мову камедыю М. Старыцкага “За двума зайцамі” і драму І. Масляніцынай “Крыж Еўфрасінні”, якія ідуць зараз на сцэне Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа і абласнога драматычнага тэатра ў Гродне.
Мае больш за 1,5 тысячы літаратурных публікацый у саюзнай, рэспубліканскай, абласной перыёдыцы. Друкаваўся ў часопісах “Крокодил”, “Перець”, “Чаян”, “Вожык”, “Полымя”, “Алеся”, “Родная прырода”, газетах “Літаратурная Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Знамя юности”, “Чырвоная змена”, “Віцебскі рабочы”, “Народнае слова”, “Віцьбічы”.
У 2002 годзе выдаў сваю, першую кніжку – зборнік вершаванага гумару “Міранізмы”. У 2010 - 2015 г.г. у выдавецтве “Медысонт” выйшаў зборнік гумару “Жартачкі” у трох кніжках. Лаўрэат прэміі імя Кандрата Крапівы за гумарыстычныя творы за 2002 год.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2005 года. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў “Агледзіны”, “Дзень паэзіі 2005”,”П’яныя каровы”, “Тутэйшы шляхціц”, “Ад ніў прыдзвінскіх”, трох выпускаў альманаха “Дзвіна”, альманаха “Брама”.