Нарадзіўся Генадзь Пятровіч 16 жніўня 1955 года ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Беларус. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу. З 1974 па 1976 год служыў ва ўзброеных сілах. Затым скончыў біялагічны факультэт БДУ. Некаторы час жыў і працаваў у Якутыі і Забайкаллі.
Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса “Маладосць”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года. З 2014 года галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”.
Жыве ў Чэрвені (Мінская вобласць). Жанаты, мае двух дзяцей.
Пісьменніцкай дзейнасцю пачаў займацца даволі позна. Спачатку гэта была выключна паэзія рускамоўная, затым беларускамоўная, з сярэдзіны 1990-х гадоў захапіўся драматургіяй. П’есы Генадзя Аўласенкі станавіліся лаўрэатамі трох першых рэспубліканскіх конкурсаў беларускай драматургіі, гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і калектыўных зборніках.
Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: “На мяжы рэальнага і фантастычнага”. Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе “Маладосць”, штотыднёвіку “ЛіМ”, газетах “Звязда”, “Голас Радзімы”, “Настаўніцкая газета”. Адно з апавяданняў у 2007 годзе стала пераможцам конкурсу апавяданняў, які штогод праводзіць газета “Звязда”. У 2008 годзе ў выдавецтве “Ковчег” выйшаў фантастычны раман “История вместо математики”.
Шмат піша для дзяцей. Творча супрацоўнічае з дзіцячымі часопісамі: “Вясёлка”, “Бярозка”, “Рюкзачок”. Дзіцячыя вершы, казкі і п’есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся на дзіцячых старонках часопісаў “Алеся”, “Родная прырода”, “Лесавічок” і інш.
Казкі Генадзя Аўласенкі ўвайшлі ў зборнікі казак “Чароўныя пацеркі” і “Вежа міру”, якія ў 2006 – 2007 г.г. выйшлі ў “Мастацкай літаратуры”, а таксама ў казачны цыкл выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”: “Чырвоная кніга ў казках і вершах” (2007 г.); “Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў” (2008 г.); “Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў” (2009 г.).
У 2009 годзе ў выдавецтве “Літаратура і Мастацтва” выйшла кніга-казка “Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора”, у гэтым жа, 2009 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла кнігу-казку “Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак”. На прыканцы 2009 года ў серыі “Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы”, якую выдае выдавецтва “Харвест” разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшла кніга фантастыкі “Дзікія кошкі Барсума”. У 2010 годзе “Новые приключения маленького ветерка из вентилятора” (выдавецтва “Літаратура і мастацтва”). У 2011 годзе беларуская сучасная фантастыка папоўнілася раманам Г. Аўласенкі “Пленники чёрного леса”. У 2012 годзе у выдавецтве “Літаратура і мастацтва” выходзіць працяг прыгод “Вецярка з вентылятара” – “Ветерок и госпожа Зима”. У 2014 годзе выходзіць зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў “Ключ, які нічога не адмыкае” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), таксама выходзіць у свет яшчэ адзін працяг “Вецярка…” – “Ветерок и Крысиный король” (выдавецтва “Звязда”).