Нарадзіўся Алег Уладзіміравіч 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна ў сям'і патомных хлебаробаў. Маленства і пачатак юнацтва прайшло на радзіме маці, Шуміліншчыне, а потым сям’я пераехала на радзіму бацькі ў вёску Якаўкі Ушацкага раёна. У 1963 годзе А. Салтук скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. Пасля заканчэння інстытута (1967) служыў у Савецкай Арміі. У 1969-73 гадах –адказны сакратар раённай газеты “Патрыёт” (г.п. Ушачы). 3 1974 года – уласны карэспандэнт абласной газеты “Витебский рабочий”. 3 1980 года па 1999 год – сакратар Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Яшчэ ў школьныя гады А. Салтук дасылаў допісы ў раённую газету “Герой працы” (г. п. Шуміліна) і ў “Піянер Беларусі”. Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў газеце “Магілёўская праўда” з адабрэння А.В. Пысіна, які быў яго першым літаратурным настаўнікам. Асноўныя матывы паэзіі А. Салтука – любоў да Радзімы, роднай зямлі, гераічная памяць беларускага народа, клопаты і трывогі нашых дзён, пачуцці сяброўства і кахання, няпростыя чалавечыя ўзаемаадносіны.
Аўтар зборнікаў паэзіі “Пачатак дня” (1974), “Працяг” (1977), “Святло зямлі” (1982), “На далонях жыцця” (1988), “Святло зямлі” – выбранае (1992), “Трывога лёсу” (1996), “Не разлюбі” (2003). У перакладзе на рускую мову друкаваўся ў калектыўных зборніках “Молодые поэты Белоруссии”, “Истоки”, “Слово по кругу”, “Беларусь моя”; у часопісах “Наш современник”, “Звезда Востока”, “Дружба народов”, “Польша”, “Огонек”, “Сузор'е”, “Литературной газете”.
Творы паэта перакладаліся таксама на ўкраінскую, польскую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы. А. Салтук перакладаў на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.
Лаўрэат літаратурных прэмій Ленінскага камсамола Віцебшчыны, імя Уладзіміра Караткевіча, часопіса “Маладосць”, “Сузор'е муз”. Лаўрэат літаратурнай прэміі “Залаты купідон” (2011).